Памер шрыфту
Чытаньне за 12 верасьня 2018:


Пасланьне да Эфэсянаў 3.8-21

8. Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая - зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае
9. і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,
10. каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,
11. паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
12. у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.
13. А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны - ваша слава.
14. Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15. ад Якога мѓе найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,
16. хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,
17. каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,
18. каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,
19. і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.
20. А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнена болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,
21. Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.

Евангельле паводле Марка 11.23-26

23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.
24. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, - і будзе вам.
25. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
26. калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.