Памер шрыфту
Чытаньне за 13 верасьня 2018:


Пасланьне да Эфэсянаў 4.14-19

14. каб мы не былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
15. А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
16. зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
17. Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
18. бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
19. яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.

Евангельле паводле Марка 11.27-33

27. Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
28. і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
29. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
30. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
31. Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» - дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
32. а сказаць: «ад людзей», - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
33. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.