Памер шрыфту
Чытаньне за 17 верасьня 2010:


Пасланьне да Эфэсянаў 4.17-25

17. Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
18. бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
19. яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
20. Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
21. бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо ісьціна ў Ісусе, -
22. пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
23. а абнавіцца духам розуму вашага
24. і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
25. Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.

Евангельле паводле Марка 12.1-12

1. І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.
2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу - узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;
3. а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.
4. Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.
5. І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.
6. І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.
8. І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.
9. Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.
10. Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:
11. гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
12. І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.