Памер шрыфту
Чытаньне за 17 верасьня 2018:


Пасланьне да Эфэсянаў 4.25-32

25. Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
26. Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
27. і не давайце месца д'яблу.
28. Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
29. Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
30. І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
31. Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
32. але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.

Евангельле паводле Лукаша 3.19-22

19. А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
20. дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
21. А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба,
22. і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!