Памер шрыфту
Чытаньне за 19 верасьня 2018:


Пасланьне да Эфэсянаў 5.25-33

25. Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26. каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
27. каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
28. Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
29. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
30. бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
31. Таму «пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць».
32. Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
33. Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.

Евангельле паводле Лукаша 4.1-15

1. Ісус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдана і паведзены быў Духам у пустыню;
2. там сорак дзён Ён быў спакушаны д'яблам і нічога ня еў у гэтыя дні; а як прайшлі яны, напасьледак захацеў есьці.
3. І сказаў Яму д'ябал: калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю зрабіцца хлебам.
4. Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым».
5. І ўзьвёўшы Яго на высокую гару, д'ябал паказаў Яму ўсе царствы сусьвету ўімгненьне часу,
6. і сказаў Яму д'ябал: табе дам уладу над ўсімі гэтымі царствамі і славу іх, бо яна аддадзена мне, і я, каму хачу, даю яе;
7. і вось, калі Ты паклонішся мне, дык усё будзе Тваё.
8. Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне, сатана; напісана: «Госпаду Богу пакланяйся і Яму аднаму служы».
9. І павёў Яго ў Ерусалім, і паставіў Яго на крыле храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
10. бо напісана: «анёлам Сваім накажа пра Цябе захаваць Цябе»;
11. і: «на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
12. Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: «не спакушай Госпада Бога Твайго».
13. І закончыўшы ўсё спакушэньне, д'ябал адышоў ад Яго да часу.
14. І вярнуўся Ісус у сіле духу ў Галілею; і разьнесьліся чуткі пра Яго па ўсёй навакольнай краіне.
15. Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі.