Памер шрыфту
Чытаньне за 24 верасьня 2018:


Пасланьне да Філіпянаў 1.1-7

1. Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:
2. мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3. Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,
4. заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,
5. за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,
6. упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,
7. як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.

Евангельле паводле Лукаша 4.37-44

37. І разьнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясьцінах.
38. Выйшаўшы з сынагогі, Ён увайшоў у дом Сымонаў; а Сымонава цешча была апанаваная моцнай гарачкаю; і прасілі Яго за яе.
39. Падышоўшы да яе, Ён загразіў гарачцы; і пакінула яе. Яна адразу ўстала іслугавала ім.
40. А як заходзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кожнага рукі, ацаляў іх.
41. Выходзілі таксама і дэманы з многіх з крыкам і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім расказваць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.
42. А як настаў дзень, Ён выйшаў з дому, пайшоў у пустэльную мясьціну, і людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб ня сыходзіў ад іх.
43. Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам зьвеставаць Я павінен Царства Божае, бо на тое Я пасланы.
44. І прапаведаваў у сынагогах Галілейскіх.