Памер шрыфту
Чытаньне за 12 кастрычніка 2017:


Пасланьне да Каласянаў 1.24-29

24. Сёньня радуюся ў цярпеньнях маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй скрухаў Хрыстовых за цела Ягонае, якое ёсьць Царква,
25. якой я зрабіўся службітом згодна з устанаўленьнем Божым, давераным мне для вас, каб выканаць слова Божае,
26. тайну, схаваную ад вякоў і родаў, а сёньня адкрытую сьвятым Ягоным,
27. якім дабараволіў Бог паказаць, якое багацьце славы ў тайне гэтай для язычнікаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
28. Якога мы прапаведуем, настаўляючы на розум кожнага чалавека і навучаючы ўсялякай мудрасьці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;
29. дзеля чаго я і працую і змагаюся сілай Ягонай, якая дзее ўва мне магутна.

Евангельле паводле Лукаша 9.7-11

7. Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
8. другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
9. І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
10. Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
11. Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.