Памер шрыфту
Чытаньне за 30 верасьня 2010:


Пасланьне да Філіпянаў 1.20-27

20. пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.
21. Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак.
22. А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.
23. Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;
24. а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:
25. і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,
26. каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.
27. Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.

Евангельле паводле Лукаша 6.12-19

12. У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
13. А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх іназваў апосталамі:
14. Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
15. Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
16. Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.