Памер шрыфту
Чытаньне за 19 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 8.26-39

26. А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая.
27. Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне,
28. вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю.
29. Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы.
30. Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш?
31. Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім.
32. А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: «як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх;
33. у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае».
34. А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць: пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага?
35. Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса.
36. Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца?
37. А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы.
38. І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго.
39. А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.

Евангельле паводле Яна 6.40-44

40. воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
41. Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, -
42. і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў?
43. Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою:
44. ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.