Памер шрыфту
Чытаньне за 28 верасьня 2018:


Пасланьне да Філіпянаў 1.27-2.4

27. Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.
28. і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога;
29. бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.
30. Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.
1. Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,
2. дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;
3. нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.
4. Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.

Евангельле паводле Лукаша 6.17-23

17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
20. І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
21. Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
22. Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
23. Радуйцеся ў той дзень і весялцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.