Памер шрыфту
Чытаньне за 5 кастрычніка 2015:


Пасланьне да Філіпянаў 2.12-16

12. Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне,
13. бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні.
14. Усё рабеце без нараканьня і сумненьня,
15. каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце,
16. ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў.

Евангельле паводле Лукаша 6.24-30

24. Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.
25. Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.
26. Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.
27. А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,
28. дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.
29. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.
30. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.