Памер шрыфту
Чытаньне за 5 кастрычніка 2018:


Пасланьне да Філіпянаў 3.8-19

8. Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
9. і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
10. каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
11. каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
12. Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
13. Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
14. імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
15. І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
16. Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
17. Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
18. Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
19. іхні канец - пагібель, іхні бог - чэрава, і слава іхняя - у ганьбе: яны думаюць пра зямное.

Евангельле паводле Лукаша 7.31-35

31. Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
32. яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
33. Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п'е; і кажаце: «у ім дэман».
34. Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п'е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».
35. І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.