Памер шрыфту
Чытаньне за 6 кастрычніка 2018:


2-е пасланьне да Карынцянаў 1.8-11

8. Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.
9. Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
10. Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,
11. калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.

Евангельле паводле Лукаша 5.27-32

27. Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, якога звалі Лявій, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною.
28. І ён, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
29. І зрабіў Яму Лявій у доме сваім бяседу вялікую; і там было мноства мытнікаў і іншых, якія ўзьляжалі зь імі.
30. А кніжнікі і фарысэі наракалі і казалі вучням Ягоным: навошта вы ясьце іп'яце з мытнікамі і грэшнікамі?
31. А Ісус сказаў ім у адказ: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
32. Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.