Памер шрыфту
Чытаньне за 20 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 8.40-9.19

40. А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
1. А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара
2. і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім.
3. Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба;
4. ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне?
5. Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.
6. Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць.
7. А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы.
8. Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск;
9. і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў.
10. У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.
11. А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца
12. і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.
13. Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
14. і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.
15. Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;
16. і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.
17. Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.
18. І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся
19. і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;

Евангельле паводле Яна 6.48-54

48. Я ёсьць хлеб жыцьця:
49. бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі;
50. а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ;
51. Я - хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.
52. Тады Юдэі пачалі спрачацца паміж сабою, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Плоць Сваю?
53. А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі ня будзеце есьці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, ня мецьмеце ў сабе жыцьця:
54. Хто есьць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, мáе жыцьцё вечнае, і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень;