Памер шрыфту
Чытаньне за 17 кастрычніка 2018:


Пасланьне да Каласянаў 3.17-4.1

17. І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.
18. Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.
19. Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.
20. Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.
21. Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.
22. Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.
23. І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,
24. ведаючы, што ў адзьдзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.
25. А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.
1. Гаспадары, аказвайце рабам патрэбнае і справядлівае, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.

Евангельле паводле Лукаша 9.44-50

44. пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.
45. Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
46. І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?
47. А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
48. і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.
49. Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
50. Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.