Памер шрыфту
Чытаньне за 21 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 9.20-31

20. і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
21. І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў?
22. А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.
23. А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго.
24. Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго.
25. А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў каш§.
26. Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань.
27. А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь, і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса.
28. І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса.
29. Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго.
30. Браты, даведаўшыся пра гэта, адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс.
31. А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся.

Евангельле паводле Яна 15.17-16.2

17. Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
18. Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
19. Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я Вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
20. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
21. але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
22. Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
23. Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
24. калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
25. Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
26. Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
27. А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
1. Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся:
2. прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.