Памер шрыфту
Чытаньне за 28 кастрычніка 2018:


Евангельле паводле Мацьвея 28.16-20

16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;
17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18. І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:
19. дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,
20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.

Пасланьне да Эфэсянаў 2.4-10

4. Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
5. і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя,
6. і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
7. каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
8. Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар:
9. не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
10. Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.

Евангельле паводле Лукаша 8.26-39

26. І прыплылі ў краіну Гадарынскую, якая насупраць Галілеі.
27. Калі ж выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, апанаваны дэманамі з даўняга часу, і ў вопратку не апранаўся, і жыў ня ў доме, аў магілах.
28. Ён, убачыўшы Ісуса, закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога ‹сявышняга? прашу Цябе, ня муч мяне.
29. Бо Ісус загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі і путамі, аберагаючы яго: але ён разрываў путы, і быў гнаны дэманам у пустыні.
30. Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Той сказаў: «легіён», бо шмат дэманаў увайшло ў яго.
31. І яны прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў бездань.
32. А тут на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней: і дэманы прасілі ў Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.
33. Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней: і кінуўся гурт з урвішча ў возера, і патануў.
34. Пастухі, убачыўшы, што сталася, пабеглі і расказалі ў горадзе і ў селішчах.
35. І выйшлі пабачыць, што сталася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, зь якога выйшлі дэманы; ён сядзеў каля ног Ісуса, апрануты і ў здаровым розуме: і жахнуліся.
36. А тыя, што бачылі, расказалі ім, як выздаравеў шаленец.
37. І прасіў у Яго ўвесь люд Гадарынскага навакольля сысьці ад іх, бо яны агорнутыя былі вялікім страхам. Ён увайшоў у лодку і вярнуўся.
38. А чалавек, зь якога выйшлі дэманы, прасіўся ў Яго, каб быць зь Ім. Але Ісус адпусьціў яго, сказаўшы:
39. вярніся ў дом твой і раскажы, што ўтварыў табе Бог. Ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім горадзе, што ўтварыў яму Ісус.