Памер шрыфту
Чытаньне за 29 кастрычніка 2018:


1-е пасланьне да Салунянаў 2.20-3.8

20. Бо вы - слава наша і радасьць.
1. І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,
2. і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,
3. каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.
4. Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.
5. Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.
6. А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, -
7. дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;
8. бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.

Евангельле паводле Лукаша 11.29-33

29. А калі люд пачаў сыходзіцца ў мностве, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі; ён шукае азнакі, і азнака не даецца яму, апрача азнакі Ёны прарока;
30. бо, як Ёна быў азнакай Нінэвіцянам, так будзе Сын Чалавечы роду гэтаму.
31. Царыца Поўдня паўстане на суд з мужамі роду гэтага і асудзіць іх, бо яна прыходзіла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай; і вось тут больш за Саламона.
32. Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз прапаведаваньне Ёнавае, і вось, тут больш за Ёну.
33. Ніхто, запаліўшы сьвечку, ня ставіць яе ў патайным месцы, ні пад пасудзінаю, а на сьвечніку, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло.