Памер шрыфту
Чытаньне за 23 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 10.1-16

1. У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,
2. пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям ізаўсёды маліўся Богу.
3. Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
4. А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;
5. дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:
6. ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.
7. Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,
8. і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.
9. На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.
10. І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,
11. і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;
12. у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.
13. І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.
14. Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.
15. Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.
16. Гэта было тройчы - і посуд зноў падняўся на неба.

Евангельле паводле Яна 6.56-69

56. хто есьць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я ў ім;
57. як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною;
58. гэта той хлеб, што сыйшоў зь нябёсаў; ня так, як бацькі вашыя елі манну і памерлі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
59. Гэта казаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капернауме.
60. Многія вучні Ягоныя, чуючы гэта, казалі: якія дзіўныя словы! Хто можа такое слухаць?
61. Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на тое, сказаў ім: ці гэта спакушае вас?
62. што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
63. дух творыць жыцьцё, плоць ня творыць нічога; словы, якія кажу Я вам, - гэта дух і жыцьцё;
64. Але ёсьць сярод вас некаторыя, што ня вераць. Бо Ісус ад пачатку ведаў, хто ёсьць нявернікі, і хто выдасьць Яго.
65. І сказаў: на тое якраз і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня дадзена будзе ад Айца Майго.
66. З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.
67. Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці?
68. Сымон Пётр адказаў Яму: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты маеш словы вечнага жыцьця.
69. і мы паверылі і спазналі, што Ты - Хрыстос, Сын Бога жывога.