Памер шрыфту
Чытаньне за 7 лістапада 2018:


2-е пасланьне да Салунянаў 2.1-12

1. Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
2. не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.
3. Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
4. які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.
5. Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?
6. І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.
7. Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, -
8. і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб'е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,
9. таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,
10. і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.
11. І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,
12. хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.

Евангельле паводле Лукаша 12.48-59

48. а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
49. Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
50. Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
51. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
52. бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
53. бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
54. Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
55. і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
57. Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
58. Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.
59. маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.