Памер шрыфту
Чытаньне за 8 лістапада 2018:


2-е пасланьне да Салунянаў 2.13-3.5

13. А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,
14. да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
15. Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.
16. А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,
17. няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.
1. Дык вось, малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе шырылася і праслаўлялася, як і ў вас,
2. і каб нам пазбыцца падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх вера.
3. Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і аслоніць ад ліхадзея.
4. Мы пэўныя за вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем.
5. А Гасподзь хай скіруе сэрцы вашыя ў любоў Божую і ў цярплівасьць Хрыстовую.

Евангельле паводле Лукаша 13.1-9

1. У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
2. Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
3. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
4. Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
5. Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
6. І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
7. і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
8. Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
9. ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.