Памер шрыфту
Чытаньне за 9 лістапада 2018:


2-е пасланьне да Салунянаў 3.6-18

6. А наказваем вам, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, цурацца кожнага брата, які жыве гультаём, а не паводле паданьня, якое прынялі ад нас,
7. бо вы самі ведаеце, як павінны вы пераймаць нас; бо мы не гультаявалі ў вас,
8. ні ў кога ня елі хлеба дарма, а займаліся працай і рабілі ноч і дзень, каб ня стацца цяжарам каму-небудзь з вас,
9. не таму, каб мы ня мелі ўлады, а каб сябе саміх даць вам у прыклад на перайманьне нас.
10. Бо, калі мы былі ў вас, дык наказвалі вам вось што: калі хто ня хоча працаваць, той і ня еж.
11. Але чуем, што некаторыя ў вас жывуць гультаямі, нічога ня робяць, а хітра абыходзяцца;
12. такіх умаўляем і пераконваем Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб.
13. А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.
14. Калі ж хто не паслухае слова нашага ў гэтым пасланьні, таго майце на прыкмеце і не вадзецеся зь ім, каб даць яму сораму;
15. але ня лічэце яго за ворага, а стаўце на розум, як брата.
16. А Сам Гасподзь міру няхай дасьць вам мір заўсёды ва ўсім; Гасподзь з усімі вамі!
17. Прывітаньне маёю рукою Паўлаваю, што служыць знакам у кожным пасланьні; пішу я так:
18. мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 13.31-35

31. У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
32. І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;
33. а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
34. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
35. Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!