Памер шрыфту
Чытаньне за 1 сьнежня 2017:


Пасланьне да Ціта 1.15-2.10

15. У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
16. Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
1. А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:
2. каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;
3. каб старыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п'янству, вучылі дабру,
4. каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,
5. быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.
6. Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.
7. Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,
8. слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.
9. Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,
10. ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.

Евангельле паводле Лукаша 20.19-26

19. І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20. І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.
21. І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;
22. ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?
23. А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24. пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.
25. Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.
26. І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.