Памер шрыфту
Чытаньне за 24 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 10.21-33

21. Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?
22. А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ўдом свой і паслухаць словаў тваіх.
23. Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.
24. На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.
25. Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных.
26. А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.
27. І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.
28. І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;
29. таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?
30. Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і адзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
31. і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;
32. дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.
33. Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.

Евангельле паводле Яна 7.1-13

1. Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго.
2. Набліжалася сьвята Юдэйскае - Кучкі.
3. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш;
4. бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету.
5. Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
6. На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час;
7. Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія;
8. вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў.
9. Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі.
10. Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна.
11. А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён?
12. І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей.
13. Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў.