Памер шрыфту
Чытаньне за 2 сьнежня 2017:


Пасланьне да Эфэсянаў 1.16-23

16. не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх,
17. каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго,
18. і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых,
19. і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі празь дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай,
20. якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,
21. найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
22. і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў яго вышэй за ўсё, галавою Царквы,
23. якая ёсьць Цела Ягонае, поўнасьць Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.

Евангельле паводле Лукаша 12.32-40

32. Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
33. Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
34. бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
35. Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
36. і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
37. Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
38. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
39. Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
40. будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.