Памер шрыфту
Чытаньне за 19 лістапада 2018:


1-е пасланьне да Цімафея 5.1-10

1. Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;
2. старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.
3. Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.
4. Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям'ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.
5. Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;
6. а юрлівая раскошніца жывою памерла.
7. І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.
8. Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.
9. Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,
10. вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.

Евангельле паводле Лукаша 17.20-25

20. А як спыталіся ў Яго фарысэі, калі прыйдзе Царства Божае, адказваў ім: ня прыйдзе Царства Божае ўвачавідкі,
21. і ня скажуць: вось, яно тут, альбо: вось, там. Бо вось, Царства Божае ўнутры ў вас ёсьць.
22. Сказаў таксама вучням: прыйдуць дні, калі захочаце бачыць хоць адзін зь дзён Сына Чалавечага, і ня ўбачыце;
23. і скажуць вам: вось, тут, альбо: вось, там, - ня ідзеце і ня гневайцеся:
24. бо як маланка, што бліснула з аднаго краю неба, бліскае да другога краю неба, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25. Але сьпярша належыць Яму шмат адпакутаваць і быць адкінутым родам гэтым.