Памер шрыфту
Чытаньне за 5 сьнежня 2017:


Пасланьне да Габрэяў 4.1-13

1. А таму будзем асьцерагацца, каб, калі яшчэ застаецца абяцаньне ўвайсьці ў спачын Ягоны, ня сталася, што нехта з вас ужо спазьніўся.
2. Бо і нам яно абвешчана, як і тым; але не дало ім карысьці слова чутае, не спалучанае зь вераю тых, якія чулі.
3. А ўваходзім у спачын мы, якія ўверавалі, як Ён і сказаў: «Я прысягнуў у гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у спачын Мой», хоць дзеі Ягоныя былі зьдзейсьнены яшчэ на пачатку сьвету.
4. Бо дзесьці сказана пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
5. І яшчэ тут: «ня ўвойдуць у спачын Мой».
6. І вось, як некаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, каму раней абвешчана, не ўвайшлі ў яго за непакорлівасьць,
7. дык яшчэ вызначае пэўны дзень, «сёньня», кажучы праз Давіда, пасьля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёньня, як пачуеце голас Ягоны, не зжарсьцьвеце сэрцаў вашых».
8. Бо калі б Ісус сын Нава даў ім спачын, дык ня было б сказана пасьля таго пра іншы дзень.
9. Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва.
10. Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
11. Дык вось, пастараймася ўвайсьці ў спачын той, каб хто на той самы прыклад не падупаў непакорлівасьці.
12. Бо слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы меч двусечны: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя.
13. І няма стварэньня, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта прад вачыма Ягонымі: Яму дамо адказ.

Евангельле паводле Лукаша 21.12-19

12. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ўсынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
13. а будзе гэта вам на сьведчаньне.
14. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
16. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, інекаторых з вас заб'юць;
17. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
18. але і волас з галавы вашай не прападзе.
19. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.