Памер шрыфту
Чытаньне за 11 сьнежня 2017:


Пасланьне да Габрэяў 8.7-13

7. Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.
8. Але прарок, дакараючы іх, кажа: «вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
9. не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.
10. Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
11. І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
12. Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей».
13. Кажучы «новы», паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.

Евангельле паводле Марка 8.11-21

11. Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
12. і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
13. І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
14. Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
15. А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
16. І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
17. Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
18. маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
19. калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
20. А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
21. І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?