Памер шрыфту
Чытаньне за 25 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 14.6-18

6. яны, дазнаўшыся пра гэта, адышлі ў Лікаонскія гарады Лістру і Дэрвію і ў іхняе навакольле,
7. і там дабравесьцілі.
8. У Лістры адзін чалавек, не валодаючы нагамі, сядзеў, бо кульгавы быў ад улоньня маці сваёй, і ніколі не хадзіў.
9. Ён слухаў прамоўцу Паўла, які, зірнуўшы на яго і ўбачыўшы, што ён мае веру на атрыманьне ацаленьня,
10. сказаў гучным голасам: табе кажу ў імя Госпада Ісуса Хрыста: стань на ногі твае проста! І той адразу ўскочыў і пачаў хадзіць.
11. А люд, убачыўшы, што зрабіў Павал, узвысіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багі ў вобразе чалавечым зышлі да нас.
12. І называлі Варнаву Зэўсам, а Паўла Гермэсам, бо ён начальнічаў у слове,
13. а жрэц ідала Зэўса, пастаўленага перад іхнім горадам, прывёўшы да брамы валоў і прынёсшы вянкі, хацеў разам з народам прынесьці ахвяры.
14. Але апосталы Варнава і Павал, пачуўшы пра гэта, разадралі сваё адзеньне і, кінуўшыся ў народ, зычным голасам казалі:
15. мужы! што гэта вы робіце? і мы - падобныя на вас людзі, і зьвястуем вам, каб вы навярнуліся ад гэтых марных да Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх;
16. Які ў мінулых пакаленьнях дапусьціў усім народам хадзіць сваімі шляхамі,
17. хоць і не пераставаў сьведчыць пра Сябе добрымі дзеямі, даючы нам зь неба дажджы і поры ўраджайныя і напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя.
18. І кажучы гэта, яны ледзьве ўгаварылі людзей ня прыносіць ім ахвяры і ісьці кожнаму дамоў. Тым часам як яны, застаючыся там, вучылі,

Евангельле паводле Яна 7.14-30

14. Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў.
15. І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся?
16. Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне - не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
17. хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу;
18. хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім.
19. Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне?
20. Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе?
21. Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце;
22. Майсей даў вам абразаньне, - хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, - і ў суботу вы абразаеце чалавека;
23. калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, - ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу?
24. ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым.
25. Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць?
26. вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
27. але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён.
28. Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце;
29. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
30. І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная.