Памер шрыфту
Чытаньне за 28 лістапада 2018:


2-е пасланьне да Цімафея 4.9-22

9. Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
10. Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
11. Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
12. Тыхіка я паслаў у Эфэс.
13. Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
14. Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
15. Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
16. Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
17. А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
18. І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
19. Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
20. Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
21. Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
22. Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 20.1-8

1. У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі
2. і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?
3. Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:
4. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?
5. А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
6. а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.
7. І адказвалі: ня ведаем адкуль.
8. Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.