Памер шрыфту
Чытаньне за 6 сьнежня 2012:


Пасланьне да Ціта 1.5-2.1

5. На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
6. калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
7. Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п'яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
8. а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
9. павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
10. Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
11. якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
12. Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
13. Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
14. ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
15. У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
16. Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
1. А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:

Евангельле паводле Лукаша 21.28-33

28. А калі пачне гэта збывацца, тады схіліцеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.
29. І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
30. калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
31. Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
32. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе:
33. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.