Памер шрыфту
Чытаньне за 14 сьнежня 2017:


Пасланьне да Габрэяў 10.35-11.7

35. Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мае атрымаць вялікую аддзяку.
36. Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;
37. «яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.
38. Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая».
39. А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.
1. А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.
2. У ёй засьведчаны продкі.
3. Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.
4. Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.
5. Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
6. А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.
7. Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.

Евангельле паводле Марка 9.10-16

10. І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?
11. І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
12. Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;
13. але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.
14. Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.
15. Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.
16. Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?