Памер шрыфту
Чытаньне за 2 сьнежня 2018:


Евангельле паводле Лукаша 24.36-53

36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
43. І ўзяўшы, еў перад імі.
44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,
47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
48. а вы сьведкі гэтага;
49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.

Пасланьне да Каласянаў 1.12-18

12. дзякуючы Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у сьвеце,
13. вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства любаснага Сына Свайго,
14. у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонаю і дараваньне грахоў,
15. Які ёсьць вобраз Бога нябачнага, народжаны раней за ўсякае стварэньне;
16. бо Ён стварыў усё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: хай тое троны, хай тое дзяржавы, хай тое начальствы, хай тое ўлады, - усё Ім і для Яго створана;
17. і Ён ёсьць раней за ўсё, і ўсё існуе Ім.
18. І Ён ёсьць галава цела Царквы; Ён пачатак, першынец зь мёртвых, каб меў Ён ва ўсім першынства:

Евангельле паводле Лукаша 17.12-19

12. І калі ўваходзіў Ён у адно селішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся зводдаль,
13. і моцным голасам казалі: Ісусе Настаўнік, памілуй нас.
14. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзеце, пакажэцеся сьвятарам. І пакуль яны ішлі, ачысьціліся.
15. А адзін зь іх, бачачы, што ацалёны, вярнуўся, моцным голасам услаўляючы Бога,
16. і ўпаў ніцма да ног Ягоных, дзякуючы Яму; і гэта быў Самаранін.
17. Тады Ісус сказаў: ці ня дзесяць ачысьціліся? дзе ж дзевяць?
18. як яны не вярнуліся ўзьнесьці славу Богу, апрача гэтага іншапляменца?
19. І сказаў яму: устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе.