Памер шрыфту
Чытаньне за 21 сьнежня 2017:


Пасланьне Якуба 1.19-27

19. Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
20. бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
21. Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
22. Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
23. Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
24. ён паглядзеў на сябе, адышоўся - і адразу забыўся, які ён ёсьць.
25. А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
26. Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
27. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.

Евангельле паводле Марка 10.17-27

17. Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
18. Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
19. Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.
20. А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
21. Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.
22. А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.
23. І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
24. Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!
25. лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
26. А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?
27. Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.