Памер шрыфту
Чытаньне за 15 сьнежня 2012:


Пасланьне да Эфэсянаў 2.11-13

11. Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі «неабрэзанымі», так званыя «рукатворна абрэзаныя на плоці»,
12. што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
13. а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:

Евангельле паводле Лукаша 14.1-11

1. Давялося Яму ў суботу прыйсьці ў дом аднаго начальніка фарысэйскага з'есьці хлеба, і яны цікавалі за Ім;
2. і вось, стаў перад Ім чалавек, які цярпеў ад вадзянкі.
3. З гэтай нагоды Ісус спытаўся ў законьнікаў і фарысэяў: ці дазваляецца лекаваць у суботу?
4. Яны маўчалі. І дакрануўшыся, ацаліў таго і адпусьціў.
5. Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго-небудзь з вас асёл альбо вол упадзе ў калодзеж, ці ж не адразу і выцягне яго і ў суботу?
6. І не маглі запярэчыць яму на гэта.
7. А заўважаючы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прытчу:
8. калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся хто з запрошаных ім больш ганаровы за цябе,
9. і той, хто запрашаў цябе і яго, падышоўшы, не сказаў бы табе: «саступі яму месца»; і тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
10. А калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы, сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоўшы, сказаў: «дружа! перасядзь вышэй»; тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою:
11. бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.