Памер шрыфту
Чытаньне за 25 сьнежня 2017:


Евангельле паводле Мацьвея 1.18-25

18. Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.
19. А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.
20. Калі ж надумаў ён гэта, - вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
21. і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.
22. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23. «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».
24. Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю
25. і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.

Пасланьне да Галятаў 4.4-7

4. але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,
5. каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.
6. А як што вы - сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!»
7. Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.

Евангельле паводле Мацьвея 2.1-12

1. Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:
2. дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.
4. І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос?
5. Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:
6. «І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».
7. Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі
8. і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
10. Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,
11. і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
12. І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.