Памер шрыфту
Чытаньне за 26 сьнежня 2017:


Пасланьне Якуба 3.1-10

1. Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.
2. бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.
3. Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.
4. Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;
5. гэтак сама і язык - невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;
6. і язык - вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;
7. бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,
8. а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.
9. Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.
10. З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.

Евангельле паводле Марка 11.11-23

11. І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.
12. На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;
13. і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.
14. І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.
15. Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;
16. і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.
17. І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў»? - а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.
18. Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
19. А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.
20. Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.
21. І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.
22. Ісус, адказваючы, кажа ім:
23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, - будзе яму, што ні скажа.