Памер шрыфту
Чытаньне за 28 сьнежня 2017:


Пасланьне Якуба 4.7-5.9

7. Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;
8. да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
9. смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак.
10. Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.
11. Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.
12. Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?
13. Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;
14. вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.
15. Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,
16. вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.
17. Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.
1. Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.
2. Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.
3. Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.
4. Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа.
5. Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу.
6. Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам.
7. Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
8. Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца.
9. Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй.

Евангельле паводле Марка 11.27-33

27. Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
28. і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
29. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
30. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
31. Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» - дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
32. а сказаць: «ад людзей», - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
33. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.