Памер шрыфту
Чытаньне за 21 сьнежня 2012:


Пасланьне да Габрэяў 11.8, 11-16

8. Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
[...]
11. Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.
12. І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.
13. Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
14. бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
15. І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
16. але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.

Евангельле паводле Марка 10.23-32

23. І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
24. Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!
25. лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
26. А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?
27. Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.
28. І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
29. Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,
30. і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;
31. а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
32. Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, аяны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім: