Памер шрыфту
Чытаньне за 30 сьнежня 2017:


1-е пасланьне да Цімафея 3.14-4.5

14. Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,
15. каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.
16. І, прызнана ўсімі - вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.
1. Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
2. праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
3. якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
4. Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
5. бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.

Евангельле паводле Мацьвея 3.1-11

1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай
2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
4. А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
5. Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае
6. і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
7. Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
8. Прынясеце ж годны плод пакаяньня;
9. і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
10. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;
11. я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;