Памер шрыфту
Чытаньне за 27 красавіка 2018:


Дзеі Апосталаў 10.44-11.10

44. Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова.
45. І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;
46. бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:
47. хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?
48. І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.
1. Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае.
2. І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго,
3. кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі.
4. А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы:
5. у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне;
6. я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных.
7. І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж.
8. А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.
9. І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае.
10. Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба.

Евангельле паводле Яна 8.21-30

21. Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці.
22. Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб'е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»?
23. Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету;
24. таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых.
25. Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам:
26. многа мáю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету.
27. Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
28. Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
29. Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна.
30. Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго.