Памер шрыфту
Чытаньне за 1 студзеня 2017:


Пасланьне да Каласянаў 2.8-12

8. Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,
9. бо ў ім жыве ўся паўната Боства цялесна,
10. і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць галава ўсяго начальства і ўлады;
11. у Ім вы і абрэзаны абразаньнем нерукатворным, калі скінулі грахоўнае цела плоці, абразаньнем Хрыстовым;
12. былі пахаваныя зь Ім у хрышчэньні, у Ім вы разам і ўваскрэсьлі вераю ў сілу Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,

Евангельле паводле Лукаша 2.20-21, 40-52

20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
21. Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
[...]
40. А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
41. Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
42. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
43. калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
44. але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
45. і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
46. Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;
47. усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.
48. І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.
49. Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
50. Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.
51. І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
52. А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.