Памер шрыфту
Чытаньне за 17 сьнежня 2018:


Пасланьне да Габрэяў 11.17-23, 27-31

17. Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
18. пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;
19. бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
20. Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
21. Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
22. Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
23. Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
[...]
27. Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.
28. Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.
29. Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, - на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.
30. Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.
31. Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.

Евангельле паводле Марка 9.42-10.1

42. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора.
43. І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны,
44. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
45. І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны.
46. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
47. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную,
48. дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.
49. Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца.
50. Соль - добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.
1. Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.