Памер шрыфту
Чытаньне за 3 студзеня 2017:


1-е пасланьне Пятра 3.10-22

10. Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
11. ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
12. бо вочы Госпада - да праведных, і вушы Ягоныя - да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
13. І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
14. Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
15. Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
16. майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
17. Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
18. бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
19. якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
20. яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
21. Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
22. Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.

Евангельле паводле Марка 12.18-27

18. Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:
19. Настаўнік! Майсей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны хай возьме жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».
20. Было сем братоў: першы ўзяў жонку, і паміраючы, не пакінуў дзяцей;
21. узяў яе другі, і памёр, і ён не пакінуў дзяцей; гэтак сама і трэйці.
22. Бралі яе за сябе сямёра, і не пакінулі дзяцей. Пасьля ўсіх памерла і жонка.
23. Дык вось ва ўваскрэсеньні, калі ўваскрэснуць, каму зь іх будзе яна за жонку? бо сямёра яе мелі за жонку.
24. Ісус сказаў ім у адказ: ці не праз гэта ўпадаеце вы ў памылку, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай?
25. бо, калі зь мёртвых уваскрэснуць, ня будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як анёлы на нябёсах.
26. А пра мёртвых, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў кнізе Майсеевай, калі Бог пры купіне сказаў яму: «Я Бог Абрагама і Бог Ісаака, і Бог Якава»?
27. Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а Бог жывых. Дык вось вы дужа памыляецеся.