Памер шрыфту
Чытаньне за 27 сьнежня 2012:


Пасланьне Якуба 1.19-27

19. Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
20. бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
21. Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
22. Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
23. Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
24. ён паглядзеў на сябе, адышоўся - і адразу забыўся, які ён ёсьць.
25. А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
26. Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
27. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.

Евангельле паводле Марка 11.27-33

27. Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
28. і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
29. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
30. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
31. Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» - дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
32. а сказаць: «ад людзей», - баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
33. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.