Памер шрыфту
Чытаньне за 6 студзеня 2017:


Евангельле паводле Марка 1.9-11

9. І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.
10. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.
11. І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».

Пасланьне да Ціта 2.11-14, 3.4-7

11. Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
12. якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
13. чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14. Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.
[...]
4. Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога,
5. Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,
6. Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
7. каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага.

Евангельле паводле Мацьвея 3.13-17

13. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.
14. Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
15. Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.
16. І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; - і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
17. І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.