Памер шрыфту
Чытаньне за 7 студзеня 2017:


Пасланьне да Эфэсянаў 6.10-17

10. Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;
11. апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д'ябальскіх;
12. бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.
13. Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.
14. Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,
15. і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
16. а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;
17. і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;

Евангельле паводле Мацьвея 4.1-11

1. Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д'ябла.
2. І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.
3. І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
4. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, аўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».
5. Тады бярэ Яго д'ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,
6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».
7. Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».
8. Зноў бярэ Яго д'ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,
9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.
10. Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».
11. Тады пакідае Яго д'ябал, - і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.