Памер шрыфту
Чытаньне за 9 студзеня 2017:


Пасланьне Якуба 2.14-26

14. Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
15. Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,
16. а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?
17. Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.
18. А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.
19. Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.
20. Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?
21. Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
22. Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.
23. І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.
24. Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?
25. Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?
26. Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.

Евангельле паводле Марка 10.46-52

46. Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
47. Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
48. Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.
49. Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
50. Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
51. Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.
52. Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.