Памер шрыфту
Чытаньне за 13 студзеня 2017:


1-е пасланьне Пятра 1.1-2, 10-12, 2.6-10

1. Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным
2. паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!
[...]
10. якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,
11. дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;
12. ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.
[...]
6. Бо сказана ў Пісаньні: «вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца».
7. Дык вось Ён вам, вернікам, - каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, «камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла», «камень спатыканьня і камень спакусы»,
8. на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.
9. Але вы - род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;
10. колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.

Евангельле паводле Марка 12.1-12

1. І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.
2. І паслаў у свой час да вінаградараў слугу - узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;
3. а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.
4. Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.
5. І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.
6. І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
7. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.
8. І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.
9. Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.
10. Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:
11. гэта - ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
12. І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.