Памер шрыфту
Чытаньне за 15 студзеня 2017:


Евангельле паводле Марка 16.1-8

1. Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці - намасьціць Яго.
2. І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,
3. і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?
4. І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.
5. І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ўбелыя шаты: і жахнуліся.
6. А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.
7. Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.
8. І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

1-е пасланьне да Цімафея 1.15-17

15. Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.
16. Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
17. А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.

Евангельле паводле Лукаша 18.35-43

35. А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;
36. і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?
37. Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
38. Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
39. Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.
40. Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:
41. чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.
42. Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.
43. І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.